21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Гэта свята заклікана нагадаць кожнаму з нас аб каштоўнасці той адзінай мовы, якую мы называем роднай, аб неабходнасці берагчы і шанаваць моўную спадчыну свайго народа. У Рэспубліцы Беларусь гэты дзень набывае асаблівае значэнне, паколькі беларуская мова з'яўляецца не толькі дзяржаўнай, але і духоўнай спадчынай, у якой адлюстравана гісторыя, культура і душа беларускага народа.
Установа дашкольнай адукацыі – гэта першая прыступка ў фарміраванні грамадзяніна. Менавіта тут закладваюцца асновы патрыятызму, павагі да роднай зямлі і яе культурных традыцый. Дзень роднай мовы ў дзіцячым садзе становіцца выдатнай магчымасцю пазнаёміць выхаванцаў з багаццем і мілагучнасцю беларускага слова, развіць цікавасць да народных звычаяў і выхаваць пачуццё нацыянальнай годнасці. Міжнародны дзень роднай мовы ў дзіцячым садзе – гэта не проста асобнае мерапрыемства, а яркі і насычаны дзень, які пакідае след у душы кожнага дзіцяці. Песні і вершы, казкі і гульні, зносіны з выхавальнікамі і бацькамі – усё гэта спрыяе фарміраванню ў дзяцей любові і павагі да роднага слова. Маленькімі крокамі, праз цікавыя і разнастайныя формы работы, мы вучым дзяцей ганарыцца тым, што мы – беларусы, і што наша родная мова – беларуская, гэта невычэрпнае багацце, якое перадаецца з пакалення ў пакаленне.